МІ́НСКІЯ ЧЫГУ́НАЧНЫЯ ВАКЗА́ЛЫ.

Першыя драўляныя павільёны пасажырскага вакзала ў Мінску Лібава-Роменскай чыгункі (т.зв. Віленскі вакзал) пабудаваны ў 1871—74. У 1890 на іх месцы ўздоўж чыг. палатна ўзведзены мураваны 1-павярховы будынак. Строга сіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка складалася з цэнтр. аб’ёму з вестыбюлем, аперацыйнай залай і бакавых крылаў з заламі чакання, службовымі і дапаможнымі памяшканнямі. Гал. ўваход цэнтр. часткі быў вылучаны 2-павярховымі рызалітамі з вежамі. Перад вакзалам сфарміравалася плошча, забудаваная 1—3-павярховымі дамамі; яе дамінантай была воданапорная вежа. У 1940 вакзал рэканструяваны (арх. І.​Рачанік), над цэнтр. і бакавымі часткамі надбудаваны 2-і паверх. У кампазіцыі вылучалася больш высокая цэнтр. частка, трохвугольны франтон якой завяршаў вялікі арачны вітраж. Пластыку фасадаў па ўсім перыметры ўзбагачаў рытм пілястраў. Сцены, аздобленыя тынкоўкай пад руст, завяршаў развіты карніз. У Вял. Айч. вайну вакзал разбураны, у 1949 адноўлены. Вонкавае аблічча будынка захавана, часткова зменена планіроўка. У 1960-я г. па-новаму аформлены інтэр’еры. У 1955 пабудаваны павільён білетных кас (арх. С.​Баткоўскі, Н.​Шпігельман). У сярэдзіне 1950-х г. склалася сучасная забудова Прывакзальнай пл. (арх. Б.​Рубаненка, Л.​Галубоўскі, А.​Карабельнікаў, Л.​Усава, В.​Герашчанка). У 1964 пабудаваны тунэль, праз які ажыццяўляецца выхад на пасадачныя платформы. З канца 1980-х г. вялася рэканструкцыя старых і новых будынкаў. У 1991 гал. корпус вакзала разбураны, узведзены новыя будынкі: шматпавярховы службова-адм. корпус і зала чакання для пасажыраў. У 2000 пабудаваны новы будынак вакзала (арх. В.​Крамарэнка, М.​Вінаградаў, канструктары Л.​Валчэцкі, А.​Бараноўскі). Кампазіцыя будынка лінейная, выцягнутая ўздоўж чыг. палатна. Яна злілася з ужо існуючымі будынкамі службова-адм. корпуса. Гал. элемент пабудовы — 5-павярховая цэнтр. частка з 2 падземнымі паверхамі. Сілуэт пірамідальнага купала, размешчанага над атрыумам (у ім — аперацыйна-размеркавальны вестыбюль), замыкае перспектыву вул. Кірава. Ад атрыума ўлева і ўправа разыходзяцца крылы вакзала, якія кампазіцыйна пабудаваны паводле прынцыпу кансольнага навісання верхніх паверхаў над ніжнімі. У функцыян. схеме гал. корпуса прадугледжана падоўжная кампазіцыйная вось са шклянымі ліхтарамі верхняга святла, якія асвятляюць пасажы са шматлікімі памяшканнямі для сервіснай абслугі пасажыраў. Да іх прылягаюць асн. памяшканні: касавыя вестыбюлі, залы і зоны чакання, інфармацыйна-даведачная служба, а таксама пошта, ашчадны банк, блок харчавання з барамі, кафэ, рэстаранам, інтэрнет- і відэазаламі, камфартабельны блок для пасажыраў з дзецьмі і інш. Сувязь паміж усімі ўзроўнямі гал. корпуса ажыццяўляецца пры дапамозе ліфтаў і эскалатараў, а з перонам — пры дапамозе тэрмінала. Стваральнікі будынка новага вакзала атрымалі Гран-пры Рэсп. фестывалю архітэктуры 2001, сярэбраны медаль Сусв. трыенале архітэктуры ў Сафіі 2003.

В.​М.​Чарнатаў.

Мінскія чыгуначныя вакзалы. Новы вакзал. Фота 2003.

т. 18, кн. 1, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)